КУЛЬТУ́РА МІКРААРГАНІ́ЗМАЎ,

сукупнасць жыццяздольных мікраарганізмаў на пажыўным асяроддзі, якая знаходзіцца ў стане размнажэння або закончыла яго. Адрозніваюць К.м. чыстую (складаецца з арганізмаў аднаго віду), змешаную (складаецца з некалькіх відаў, што вылучаюцца з вады, глебы, паветра і інш.) і электыўную (назапашвальную, у якой з вял. колькасці форм расце пераважна адзін від). Для К.м. неабходны вадкія і цвёрдыя пажыўныя асяроддзі, спец. апаратура, якая падтрымлівае аптымальныя для росту мікраарганізмаў фіз.-хім. ўмовы (аэрацыя, газавае асяроддзе, кіслотнасць, т-ра і інш.). Выкарыстоўваецца для вывучэння мікраарганізмаў, у мікрабіял. прам-сці.

т. 9, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)